САВЕ́ЦКА-ФІНЛЯ́НДСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.

Мірны дагавор 1920, падпісаны 14 кастр. ў Тарту. Абвясціў спыненне вайны паміж абедзвюма дзяржавамі, пацвердзіў незалежнасць і суверэнітэт Фінляндыі, урэгуляваў тэр. пытанні. Сав. ўрад пацвердзіў перадачу Фінляндыі Печэнгскай вобл. Фінляндыя абавязалася не трымаць у водах узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. падводных лодак, ваен. самалётаў і суднаў. Абодва бакі пагадзіліся не мець у бас. Ладажскага воз. ваен. збудаванняў, якія служаць агрэсіўным мэтам, і ваен. суднаў водазмяшчэннем больш за 100 т. У дагаворы запісана пра ўтварэнне ў складзе РСФСР Усх.-Карэльскай аўт. вобласці на аснове нац. самавызначэння. Мірны дагавор 1940, падпісаны 12 сак. ў Маскве. Абвясціў спыненне савецка-фінляндскай вайны 1939—40. Вызначалася новая лінія сав.-фінл. дзярж. граніцы. СССР адыходзілі: Карэльскі перашыек з г. Выбаргам (Вііпуры) і Выбаргскі зал. з астравамі; зах. і паўн. ўзбярэжжы Ладажскага воз. з гарадамі Кексгольм, Сортавала, Суаярві, шэраг астравоў у Фінскім зал.; тэр. на ўсход ад Мерк’ярві з г. Куалаярві; частка п-авоў Рыбачы і Сярэдні. Бакі абавязаліся ўстрымлівацца ад нападу адзін на аднаго і не ўступаць у варожыя кааліцыі, накіраваныя супраць аднаго з бакоў. СССР атрымаў у арэнду на 30 гадоў п-аў Ханка. У 1941 Фінляндыя парушыла дагавор і ўступіла ў вайну супраць СССР на баку фаш. Германіі. Пасля паражэння Фінляндыі ў вайне 19.9.1944 падпісана пагадненне аб перамір’і, а 10.2.1947 — мірны дагавор 1947, які прадугледжваў аднаўленне дагавора 1940 са зменамі. Дагавор 1948 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 6 крас. ў Маскве на 10 гадоў. Бакі заявілі пра імкненне супрацоўнічаць дзеля інтарэсаў міру і бяспекі, у адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі ААН. Адзначана імкненне Фінляндыі заставацца ў баку ад супярэчнасцей паміж інтарэсамі вялікіх дзяржаў. СССР і Фінляндыя згадзіліся кансультавацца пры ўзнікненні пагрозы ваен. нападу, пацвердзілі намеры ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, якія накіраваны на падтрыманне міжнар. міру і бяспекі. У дагаворы пацверджаны абавязак не заключаць саюзаў і не ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор стаў асноватворным дакументам сав.-фінл. адносін; на аснове яго атрымала шырокае і ўсебаковае развіццё паліт., эканам. і культ. супрацоўніцтва паміж СССР і Фінляндыяй. Тэрмін дзеяння дагавору быў прадоўжаны ў 1955 і ў 1970 на 20 гадоў. 6.6.1983 СССР і Фінляндыя падпісалі пратакол, паводле якога дагавор застаецца ў сіле на наступныя 20 гадоў з прадаўжэннем яго на 5-гадовыя перыяды, калі ні адзін з бакоў не заявіць аб жаданні спыніць яго дзеянне.

т. 14, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)